Працягваем публікаваць матэрыялы газеты «Вечерний Минск» з рубрыцы «Беларускае слоўка». На гэты раз мы напiшам пра беларускае слова «красавік».
КРАСАВІК
На тэрыторыі Старажытнай Русі назвы чацвёртага гадавога месяца ўказвалі на абуджэнне прыроды, адкрыццё сапраўднай вясны, якая рухалася з захаду на ўсход: брезень — зацвітае бяроза, снегогон — сыходзіць апошні снег, цветень — цвітуць сады, водолей, ручейник
Гэтая ж заканамернасць дайшла і да нашых дзён. У расейскай мове ён апрель — ад лацінскага дзеяслова aperire, што ў перакладзе — адчыняць, раскрывацца (верагодна, пра лісце на дрэвах) , альбо apricus — сагрэты сонцам, сонечны; ва ўкраінцаў — квітень, у палякаў — kwiecień (усё зацвітае) , у чэхаў — duben (з’яўляюцца лісты дуба) , у харватаў — travanj, у славенаў — mali traven (месяц прарастання травы).
Наша мова, і гэта прызнаюць усе даследчыкі месяцовых найменняў, вылучаецца сваёй непаўторнасцю і арыгінальнасцю: назва красавік падкрэслівае агульную прыгажосць прыроды, а не асобных яе частак. Паходзіць ад назоўніка краса (прыгажосць) або дзеяслова красаваць — з’яўляюцца першыя краскі (кветкі). Замацавалася з 1913 года дзякуючы газеце «Наша ніва». Дагэтуль у літаратуры выкарыстоўваліся апрыль і апрэль, а ў старабеларускі перыяд — квецень, слоўка, утворанае ад праславянскага кораня -квет- (краска, кветка) + прадуктыўны суфікс -ень-. Таму навукоўцы (прафесар А.Яновіч) словы са спалучэннем [кв] — кветка, квітнець, квіценне — лічаць паказчыкамі глыбокай агульнаславянскай старажытнасці нашай мовы, а сучасныя аўтары гістарычных твораў паўсюдна выкарыстоўваюць менавіта квецень: «Непрыкметна падышоў месяц квецень з яркім россыпам дзьмухаўцу па абноўленай посцілцы зямлі» (К. Тарасаў). Фалькларысты ж (А.Хатэнка) бачаць у назвах квецень і красавік сакральную сутнасць нашых продкаў, «калі ўсё схаванае, свяшчэннае, непадуладнае чалавечаму розуму раптам расхінецца, раскрыліцца, загучыць і прадэманструе сапраўднае значэнне Вясны» — цудоўнай пары, у час якой з белай квецені яблынь «нараджаюцца дзяўчаты на нашай зямлі», як сказана ў вершы П.Панчанкі «Белыя яблыні».
На Беларусі пра красавік кажуць: ён зіму з летам сплятае і кліча ў поле; ён месяц шумлівай вады і захавальнік веснавога шуму; ён сініць і дзьме, бабам цяпло нясе, а мужык пазірае ды галавою ківае. Красавік красуецца для тых, хто не лянуецца. У гэтым месяцы заканчваецца спячка мядзведзя, і ён выходзіць з бярлогі. З гэтай нагоды ў асобных мясцовасцях ладзяць свята пад назвай Камаéдзіца, на якое гатуюць і ядуць камы (адсюль і назва свята).
У нашых гарадах, мястэчках і вёсках красавік — месяц суботнікаў. У Японіі, калі пачынае квітнець сáкура, — пачатак вучобы першакласнікаў. А ў многіх іншых краінах свету ён абвяшчаецца месяцам барацьбы з жорсткасцю ў адносінах да дзяцей. Сімвалам такога змагання выступае сіняя стужка, якую прывязваюць да антэн аўтамабіляў, галін дрэў, змяшчаюць на плакатах, паштоўках, значках. Бо дзеці, што страцілі веру ў сябе, самыя няшчасныя і самыя складаныя. Каб гэтага не здаралася, чытайце сваім дзеткам цікавыя і пазнавальныя творы. Напрыклад, казку «Красавік», якую напісала Клаўдзія Каліна, або верш з такой жа назвай, створаны Наталляй Арсенневай.
Уладзімір КУЛІКОВІЧ
Іншыя словы з рубрыкі вы можаце паглядзець па тэгу БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА