Працягваем публікаваць матэрыялы з газеты «Вечерний Минск» з рубрыцы «Беларускае слоўка». На гэты раз мы напiшам пра беларускае слова «лёк».
ЛЁК
Традыцыйнае наша застолле — ці то ў гарадской кватэры, ці то ў вясковай хатцы — нельга ўявіць без бульбы, «а да яе сала, — як пісаў Уладзімір Караткевіч, — салёныя агуркі (з кропам, халодныя) і селядзец (раней бульбу мачалі ў селядцовы расол — лёк)“
Як бачым, пісьменнік пры называнні страў, каб быць зразумелым, скарыстаў добра вядомы літаратурны прыём — тлумачыць малазнаёмыя словы ў тэксце. Дарэчы, гэтак жа апісальна самабытнае беларускае слоўка лёк перакладаецца і на рускую мову — селедочный рассол, прыгатаваць які вельмі проста: неабходна адварыць у вадзе селядзец, дадаць туды алею і мукі з канаплянага семя.
Аднак не толькі з селядцовым расолам суадносіцца слоўка ў свядомасці беларусаў. Лёкам называюць яшчэ агурочны расол; у нас на Гродзеншчыне даводзілася чуць лёк у значэнні юшка, рыбная поліўка, а на Брэстчыне — вада, падсалоджаная мёдам.
У іншых мясцовасцях сустракаюцца іншыя значэнні. Як сказана ў слоўніку Івана Насовіча, названым мовазнаўцамі «энцыклапедыяй роднай мовы»: лёк — гэта всякій разсолъ, особенно сельдяный: «На капейку лёку, на цэлы дзень піцця»; густая наливка: «Самы лёк спілі, а толькі гушчу пакінулі»; гукапераймальнае слова для выражэння біцця сэрца падчас спалоху: «Сэрца маё лёк, як ён сказаў гэта». Менавіта адсюль утварыліся і шматзначныя дзеясловы лекацець — дрыжэць, калаціцца (пра сэрца) , булькатаць (пра ваду ў страве пры яе варэнні) , даражыць, берагчы што-небудзь; лякацца — пужацца: «Не лякайся, дзевачка, не да цябе сваты едуць». (З народнай песні.)
Зрэдку выкарыстоўваюць слоўка і ў значэнні кудзеры, локаны: «Мае лёкі растрапаліся… «Гэта ўжо вынік прамога запазычання ў ХVІІІ стагоддзі з польскай(lok, loki) або нямецкай моваў (Lockе, множны лік Locken).
Лінгвісты перакананы, што лёк са значэннем селядцовы расол узнік у выніку кантамінацыі — змешвання частак двух блізкіх па гучанні польскіх слоў lak(ляк) — расол і loch (лёх) — густы сіроп з чаго-небудзь, апошняе з якіх выводзіцца ад італьянскага loc, loco, што ў сваю чаргу трапіла з лацінскай мовы, дзе lohos — густое лякарства, падобнае да павідла.
Імкніцеся не блытаць гэтае каларытнае слоўка з такімі блізкімі па гучанні, як лёкай (устар.) — лакей: „Не йдзі жабраваці к палацу, / Бо стуль цябе выгане лёкай“ (Я. Купала) ; лёкі — па-руску испуг: „З лёкаў падпала трасца“ (І. Насовіч) ; лёх — склеп, падзямелле: „Глянь у лёхі свае, у падзямеллі глянь, князь, што настроіў пад хорамам гэтым“ (Я. Купала). І абавязкова стаўце кропкі над літарай ё, бо без іх атрымаецца лек — грашовая адзінка Албаніі або лякарства, лячэнне, лекі: „Ад гэтых лек мне стала лепей“.
Калі ж будзе нагода запрасіць у хату сваякоў, суседзяў, то парадуйце іх сваёй гасціннасцю, а на пытанне: „Што гэта ў вас на стале?“ — адкажыце словамі Рыгора Барадуліна: „І смáгне селядзец у лёку, і ў лютай пáры млее кроп“.
Уладзімір КУЛІКОВІЧ
Іншыя словы з рубрыкі вы можаце паглядзець па тэгу БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА