Беларускія словы. Скарб

Скарб

 

Працягваем публікаваць матэрыялы з газеты «Вечерний Минск» з рубрыцы «Беларускае слоўка». На гэты раз мы напiшам пра беларускае слова «скарб».

 

СКАРБ

Існуюць тры версіі з’яўлення гэтага слоўка ў беларускай мове. Па адной з іх, утварылася яно ў старажытнаверхненямецкай мове ад дзеяслова skarbon — разрэзаць, нарубіць і пісалася scerf (манета). Затым трапіла ў польскую мову, дзе займела форму skarb і стала абазначац­ь каштоўныя рэчы; чыесьці ўласнасць, грошы; месца захавання каштоўных рэчаў, грошай; скарбнiца, шкатулка, куфар. А ў пачатку ХІV стагоддзя прыжылося ў помніках старабеларускага пісьменства. І толькі з канца XIV cтагоддзя стала вядомым у старажытнарускай мове з двума значэннямі: пожитки; казна как совокупность денежных средств государства.

Паводле другой версіі, слоўка трапіла да нас са значэннем схаваныя ў патаемным месцы каштоўнасці непасрэдна з лацінскай мовы, дзе skrobis — гэта яма.

Згодна з трэцяй гіпотэзай, скарб — спрадвечнаславянскае слоўка, якое магло ўзнікнуць на старажытнабеларус­кіх землях: skъrbь (скорбь) — прадмет клопату (предмет забот). І верагоднасць таму вялікая, бо толькі ў нашай мове яно выражае мноства значэнняў і іх адценняў, якія не сустрэнеш ні ў адной са славянскіх моў.

Напрыклад, у творах класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа скарб — сукупнасць духоўных і культурных каштоўнасцей (скарбыкультуры чалавецтва) ; багацце пачуццяў як праяўленне духоўнага жыцця чалавека (скарбы памяці) ; сукупнасць моўных сродкаў (скарбы мовы) ; багацце і прыгажосць прыроды (скарбы колераў роднай старонкі) ; матэрыяльныя каштоўнасці, багацце, зберажэнне, дары зямлі, прыроды (скарбы палеткаў) ; маёмасць, уласнасць, вынікі працы, а таксама ўсё, што мае каштоўнасць (хатні скарб; скарб мой — рукі) ; грошы і іншыя каштоўнасці, схаваныя ў зямлі (яшукаю панскіх скарбаў) ; даходы дзяржавы або асобнага чалавека (дзяржаўны скарб) ; дзяржава як уладальнік матэрыяльных каштоўнасцей, а таксама дзяржаўная ўстанова, якая распараджаецца гэтымі каштоўнасцямі (Лабановіч хадзіў па полі, што яны арандавалі ад скарбу) ; сукупнасць асабістых даходаў і расходаў на пэўны тэрмін (Размеркаваў Іван свой заробак: сорак руб­лёў для бацькі, у хатні скарб, рублёў пятнаццаць пакінуў на свой абыход).

Існуюць у сучаснай беларускай мове і слоўкі, утвораныя ад яго. Скарбнік — па-руску казначей, кладовщик; скарбніца — место хранения сокровищ, совокупность культурных и духовных ценностей; скарбовы — относящийся к скарбу, принадлежащий казне, казенный, государственный; находящийся, состоящий на государственной службе; скарбонка — кубышка, копилка, небольшая сумка или дорожная торбочка для хранения денег, мелких вещей и съестных припасов (дасталі са скарбонкі сала) ; тайник, хранилище; скарбоначны ў выразе скарбоначны збор — кружечный сбор.

Слоўнікі сучаснай рускай мовы падаюць тыя ж два значэнні, што мела гэтае слова ў старажытнасці: скарб — домашние веши, пожитки, имущество(размоўнае) ; главный финансовый орган бывшего литовского государства — казначейство (устарэлае).

Так што будзьма жыць у згодзе і ла­дзе са сваёй мовай — нашым бясцэнным скарбам! Бо мудры не той, хто толькі шукае новыя скарбы, а той, хто зберагае і павялічвае існаваныя.

Уладзімір КУЛІКОВІЧ

Іншыя словы з рубрыкі вы можаце паглядзець па тэгу БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА

HVALI.BY