Працягваем публікаваць матэрыялы з газеты «Вечерний Минск» з рубрыцы «Беларускае слоўка». На гэты раз мы напiшам пра слова «ялавiчына».
ЯЛАВІЧЫНА
Адказам большасці было нямое непаразуменне: «Свініна ёсць, гавядзіна бывае, а вось ялавічына? Што гэта?..» Прыкладна такія ж дыялогі былі і ў іншых рэгіёнах: Брэстчыне, Віцебшчыне, Гродзеншчыне, Гомельшчыне, Магілёўшчыне. Мала хто і з суразмоўнікаў-гандляроў на славутай Камароўцы быў абазнаны, што «ялавічына» — гэта беларускамоўны адпаведнік рускаму «говядина» (мяса каровы як ежа). Для большасці яно не выклікала ніякіх асацыяцый.
А між тым слова «ялавічына» — агульнапрынятая яшчэ з 20-х гадоў ХХ стагоддзя норма беларускай літаратурнай мовы. Яно ўтварылася ад «ялавіца» (ялавая — бясплодная — карова) і па сёння фіксуецца літаральна ўсімі слоўнікамі нашай мовы, рэгулярна выкарыстоўваецца ў перыядычным друку, у творах беларускіх пісьменнікаў. «Праз гадзіну на вогнішчах смажыліся вялізныя кавалкі ялавічыны, круціліся на ражнах цэлыя авечкі» (У. Караткевіч).
Слова ж «гавядзіна» з’яўляецца абласным, нелітаратурным. Паходзіць яно з праславянскай мовы (govedo — буйная рагатая жывёла, скаціна) і лічыцца нормай толькі для рускай мовы. У нашых дыялектах сустракаецца сугучнае слова «гавяда» (буйная рагатая жывёліна, карова): «Калі хлопец вырас, дык пачаў ганяць гавяду на пашу» (Я. Баршчэўскі). Рускі адпаведнік яму — «скот». Прыметнік гавяджы ўтвораны менавіта ад «гавяда» на ўзор мядзведзь — мядзведжы. Пры перакладзе на рускую мову гэта будзе скотный, для скота; гавяджы хлеў — скотный хлев. Таму ні ў якім разе не варта пісаць па-беларуску «гавяджы фарш», «гавяджыя катлеты». Адзіна правільныя варыянты — «ялавічны фарш», «ялавічныя катлеты».
Прыемна ўсведамляць, што ў меню многіх рэстаранаў, напісаных па-беларуску, слова «ялавічына» сёння не рэдкасць: ялавічына з лоем, ялавічына з грыбамі, ялавічына з сырам, ялавічына па-фламандску. У Iнтэрнэце прапануецца гульня «Ялавічына», у асобных рэгіёнах Беларусі існуюць жывёлагадоўчыя праграмы «Ялавічына».
Варта і нам, пакупнікам і гандлярам, часцей прамаўляць гэтае слова, і тады яно стане звыклым, родным, сваім. Як слушна заўважыў В. Марціновіч у прадмове да кнігі «Сцюдзёны вырай»: «Слова жыве, калі яно ёсць у масавай свядомасці, без яе нагадвае экспанат з музея этнаграфіі».
Уладзімір КУЛІКОВІЧ