Картаген Сяргея Абламейкі

Мой Картаген

…у Беларусі час ідзе, а Беларусь у часе — не

Сяргей Абламейка

Кніга Сяргея Абламейкі “Мой Картаген” складаецца з некалькіх дзесяткаў эсэ на розныя тэмы, якія былі апублікаваны ў электронным выглядзе на сайце Радыё Свабода. У кнізе ўсе эсэ разбіты па тэматыцы на чатыры групы – “Беларуская ідэя”, “Русский мир”, “Сьмерць архітэктара” і “Людзі і справы”.

Эсэ на тэму беларускай ідэі падаліся на наш погляд найбольш цікавымі. Што і гаварыць, размовы пра нашу нацыянальную ідэю ідуць ужо некалькі дзесяткаў год. Але дагэтуль больш меньш што-небудзь добрае ніхто сфармуляваць не змог. Ды і наогул ёсць пытанне – ці сапраўды патрэбна нам тая самая “ідэя”? Ну вось усе ведаюць пра “вялікую амерыканскую мару” – дзе кожны, кім бы ён ні быў, можа дасягнуць усяго на свеце, калі сам пажадае. Усе ведаюць пра ідэю “русского мира” – стварэнне магутнай звышкраіны ў межах былога СССР (ці можа нават больш). Ці яшчэ – славуты “швейцарскі нейтралітэт” (але няма ўпэўненасці, што гэта сапраўды націдэя). З другога боку – хто можа сказаць пра нацыянальную ідэю, напрыклад, Бельгіі? Ці, можа, Галандыі, Канады, Аўстраліі? У свеце шмат краін, пра націдэі якіх мы нічога не ведаем. І мала хто можа дакладна сказаць – ці ёсць яны наогул?

Сяргей Абламейка падыходзіць да гэтага пытання вельмі дасціпна. Па яго разуменні беларуская нацыянальная ідэя складаецца з “трох кітоў” – ідэй, якія ў розныя часы выказалі нашыя славутыя землякі. Прыводзім тут тэкст аўтара без скарачэнняў і удакладненняў:

Першы належыць найвыдатнейшай пэрсоне беларускай гісторыі, канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Ляву Сапегу. Гэта яго словы з прадмовы да Статуту ВКЛ 1588 году. Вось яны:

«А калі якому народу сорамна права свайго ня ведаць, дык пагатоў нам, якія не чужой якой мовай, але сваёй уласнай правы запісаныя маем і ў любы час, калі нам трэба даць адпор усякай крыўдзе, ведаць іх можам».

Так наш вялікі канцлер сфармуляваў тэзіс пра нацыянальна-культурную і дзяржаўна-прававую самастойнасьць беларусаў. Другі пастулят сфармуляваў нацыянальны герой, патрыёт і незалежнік Кастусь Каліноўскі. Гэта яго словы з разьвітальнага запавету, так званых «Лістоў з-пад шыбеніцы», напісаных перад пакараньнем сьмерцю (1864 г.). Вось яны:

«Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою Маскаля ўжо ня будзе».

Гэта — тэзіс пра дзяржаўную незалежнасьць краіны. Такі палітычны запавет будучым пакаленьням пакінуў Кастусь Каліноўскі. І незалежнікам я яго назваў невыпадкова, бо менавіта ён у часе паўстаньня 1863 году ўсчаў з Варшавай спрэчку за будучыя дзяржаўныя межы паміж Польшчай і Літвой-Беларусьсю.

І, нарэшце, трэці пастулят належыць выбітнаму пачынальніку нашай новай літаратуры Францішку Багушэвічу. Гэта знакамітыя словы з прадмовы да «Дудкі беларускай» (1891 г.):

«Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі!»

Гэта — тэзіс пра наш імунітэт ад нацыянальна культурнай і дзяржаўна-палітычнай сьмерці. Усе гэтыя тры пастуляты беларускай нацыянальнай ідэі аказаліся прарочымі. І гэта сазмрочнай неабвержнасьцю пацьвердзіла трагічная беларуская гісторыя ХХ стагодзьдзя. І яны ж даюць нам просты і ясны адказ, як трэба рухацца наперад.

Далей аўтар працягвае свае развагі. Расказвае пра гісторыю краіны, этнаграфію, разбівае міф пра “грамадзянскую нацыю” і параўноўвае Ірландыю з Беларуссю (з гэтай краінай нас яднае моўная праблема). Падымае ў сваіх эсэ і іншыя цікавыя тэмы. Але сказваецца той факт, што ўсе яны пачаткова не прызначаліся для выдання асобнай кнігі. Таму, напрыклад, эсэ “Ода спорту” на наш погляд – стаіць вельмі асабняком ад астатняга тэксту.

Другая частка кнігі – “Русский мир”. Як зразумела з назвы, у большасці прысвечана яна нашаму ўсходняму суседу. Ці, больш правільна – «русскому миру» у галовах беларусаў. На жаль, шмат з гэтых эсэ прысвечана прыніжэнню Рассіі як дзяржавы. Нават не ў цяперашнім стане, а і наогул у гісторыі. Гэта дэструктыўная частка тэксту. Аўтар гэтай рэцэнзіі таксама не мае асобай любові да краіны балалаек ды мядзведзяў, але і выказвацца такім чынам на наш погляд не вельмі этычна. Так, гісторыю фальсіфіцуюць. Але робяць гэта не толькі рускія, але і палякі, і літоўцы, ды і любая іншая нацыя з самапавагай да сябе. Так, палітыкі вельмі часта хлусяць – але зноў, робяць гэта палітыкі ўсіх краін свету, на працягу ўсёй гісторыі.

Можа такім рэзкім тонам у сваіх эсэ аўтар хацеў адным махам выбіць з галоў беларусаў “русский мир”. Але ёсць уражанне, што іншыя, каму такія напады не спадабаюцца, проста не будуць далей чытаць.

А вось за што сапраўды хочацца падзякаваць, дык гэта за эсэ “Бунт маленькіх чалавечкаў або людзі-трава”. Гэта аповед-прытча, ён павучальны і лёгка чытаецца. І з невялікімі зменамі ён заслугоўвае таго, каб яго ўжо зараз пачалі вывучаць у школах. Гэта амаль самастойнае апавяданне з глыбокім філасофскім падтэкстам пра сутнасць чалавечай прыроды і пабудовы грамадства.

Адзначым таксама, што аб самім народзе (а не дзяржаве) Абламейка гаворыць паважліва. Асабліва адзначым яго захапленне срэбраным векам расейскай літаратуры.

Насамрэч расейцы ў сілу пэўных асаблівасьцяў сваёй гісторыі і сфармаванага пад яе ўплывам мэнталітэту зьяўляюцца вельмі моцным, рашучым і сьмелым народам. Іх гісторыя паказала, што яны нашмат больш за ўсе суседнія народы здольныя да дзяржаўнага існаваньня.

Пра трэцюю частку кнігі “Сьмерць архітэктара” гаварыць няма чаго. Усе, хто жыве ў Мінску, ці бывае тут некалькі разоў на месяц і самі бачаць архітэктурную катастрофу якую перажывае наша сталіца. Адзначым толькі, што Абламейка выказвае думку, якая ўжо шмат часу турбуе і рэдакцыю нашага сайту – навошта сярод гістарычнага цэнтру горада будаваць сучасныя будынкі, калі можна просто пабудаваць новы сучасны цэнтр. У шматлікіх гарадах Еўропы з глыбокай гісторыяй зрабілі менавіта так. Ёсць старадаўні цэнтр – з помнікамі, невысокімі будынкамі ды гістарычным аздабленнем. А ёсць сучасны фінансавы ды забаўляльны цэнтр.

Чацвёртая частка кнігі, “Людзі і справы”, прысвечана асобным людзям, якіх сам аўтар вырашыў адзначыць. Аўтар не толькі гаворыць што зрабілі гэтыя людзі (у такім выпадку не было б сэнсу ў эсэ), а расказвае пра свае асабістыя ўспаміны.

Як ужо пісалася вышэй, кніга, на жаль, не стварае ўражання адзінага твора. Шмат тэкстаў на розныя тэматыкі могуць разгубіць чытача. Таму яе трэба чытаць паслядоўна. Спачатку адно эсэ, потым другое, трэцяе. Таксама ў тэкстах шмат суб’ектывізму. Нават няўважлівы чытач адзнача, што Сяргей Абламейка больш сімпатый выказвае каталіцкаму веравызнанню, а да Расіі выказвае пагарду. Але і эсэ – жанр суб’ектыўны. Таму чытач сам павінен вырашыць, пагаджаецца ён з аўтарам ці не.

Традыцыйна ў канцы рэцэнзіі публікуем выбраныя намі цытаты з кнігі:

Мова — гэта код, які адкрывае дзьверы ў тую або іншую культурную прастору. А культура — гэта пераемнасьць, спадчына, традыцыя, алюзія.

 

Народ, нацыя — гэта герархічныя структуры. Мы сваю герархію страцілі ў выніку цяжкага гістарычнага лёсу. Наша эліта (шляхта) нам здрадзіла і пакінула нас, прыняўшы польскую культуру і нацыянальнасьць, мяшчане таксама былі разабраныя Польшчай і Расеяй, а калі рэшта верных свайму народу шляхты і мяшчанаў нарадзілі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў новую нешматлікую эліту, то яе зьнішчылі ў 1930-я гады. Так мы засталіся сялянскай нацыяй амаль без эліты, а тая, што памалу нарадзілася зноў — была ўжо сялянскага паходжаньня. Для нармальнай жа эліты патрэбная патомнасьць — пакаленьні і пакаленьні адукацыі і дабрабыту.

 

…сёньня кожны чалавек можа выдаць кнігу. Заманецца некаму стаць пісьменьнікам або паэ там, зьбярэ ён пэўную суму даляраў, прынясе ў незалежнае выдавецтва рукапіс — і кніга гатовая. Пры гэтым задаволеныя і аўтар, які атрымаў кнігу, і выдавец, які атрымаў грошы. Чытач, у прынцыпе, не патрэбны, таму пра яго менш за ўсё і думаюць.

 

У наш час, ва ўмовах глябалізацыі, размываньня або зьнікненьня дзяржаўных межаў, культура — гэта тэрыторыя сувэрэнітэту нацыі.

HVALI.BY