Максім Жбанкоў “SloMo” — рэцэнзія

Максім Жбанкоў SloMo“Ракенрольны” культуролаг Максім Жбанкоў у сваёй новай кнізе бязлітасным культурным катком праязджае па беларускай культуры: тым, хто гэтую культуру робіць, і тым, хто яе потым спажывае. Бязлітасна і востра, каб не расслабляліся. Але з любоўю і жаданнем для яе рабіць больш і лепш. Зборнік “SloMo: Хатняя крытыка культурнага дызайну” складаецца з эсэ на рускай і беларускай мовах і закранае розныя з’явы айчыннай культуры апошняга дзесяцігоддзя.

“SloMo” — другая кніга аўтара пасля зборніка эсэ “NO STYLE. Белкульт между Вудстоком и Дажынкамі” (2013).

Жбанкоў пачынае з феномена беларускай культуры ўвогуле, разважаючы пра тое, што яе аналіз і разбор не паспяваюць за самой культурай. Кіно, літаратура і іншыя яе з’явы ствараюцца, але крытыка ніяк на іх не рэагуе:

І ўсё гэта не дзейнічае на карысць нашай культуры:

Бо як ствараць, калі не маеш фідбэку? Не захопленых ці абураных каментарыяў простых чытачоў/гледачоў/слухачоў, але разбораў па фактах ад прафесійных крытыкаў. Як развівацца ў такіх умовах?

Жбанкоў шчыра піша пра тое, пра што многія баяцца прызнацца нават сабе: сваё не значыць, што яго нельга крытыкаваць. Аб’юзіўныя адносіны з уласнай культурай такія ж небяспечныя, як аб’юзіўныя адносіны ва ўласнай сям’і. Калі любіш штосьці толькі таму, што яно ж сваё, роднае, баішся крытыкаваць, адчуваеш нават “стакгольмскі сіндром” да роднага трэшу. Як кажуць, гэта настолькі жахліва, што нават прыкольна.

Зразумела, страшна прызнацца сабе, што гэта мы самі спараджаем Саладух і сясцёр Груздзевых. Бо заўважаем, каментуем, рэпосцім. Кажаце, робіце гэта не ўсур’ёз? Не забывайце паўтараць, наколькі безгустоўным вам усё гэта падаецца, пакуль чарговае трэш-выказванне трэш-знакамітасці разлятаецца па байнэце.

Метастазы агракультурнага раку ўжо распаўсюдзіліся па ўсім арганізме беларускага культурнага поля. Пакуль вы каментуеце, высмейваеце, акурат у той час, калі лепш было б абмінуць увагай. Затое вартыя культурныя з’явы застаюцца па-за культурнай павесткай дня. Бо з гэтага не зробіш смешнага мемчыка, які разляціцца рэпостамі.

Некаторыя эсэ ў зборніку прысвечаны разбору канкрэтных тэкстаў, фільмаў і нават музычных праектаў. Тут можна сустрэць Альгерда Бахарэвіча, Таццяну Заміроўскую, Андрэя Курэйчыка, Neuro Dubel і іншых.

Завяршае кнігу Жбанкоў на аптымістычнай ноце:

Будучыня ў беларускай культуры ёсць, але і нам трэба прымаць у гэтым удзел. Каб потым не застацца на перыферыі культуры сам-насам са сваім родным “трэшам”.

Bookvajed

HVALI.BY