Працягваем публікацыю серыі матэрыялаў Уладзіміра Куліковіча з газеты «Вечерний Минск», якія прысвечаны розным цікавым словам з беларускай мовы. Сёння разглядаем слова:
АСЯНЧУК
Такія лексічныя залацінкі наш славуты мовазнавец Фёдар Янкоўскі назваў гаваркімі. Гэта значыць, што ключ-разгадка семантыкі знаходзіцца ў самім гучанні і напісанні такіх слоўцаў. Да іх ліку, напрыклад, належаць назвы месяцаў: студзень (студзіць зямлю) , сакавік (пачынае ісці сок) , ліпень (цвіце ліпа) , лістапад (ападаюць апошнія лісты з дрэў) , снежань (з’яўляецца снег) і шмат іншых.
З гэтай кагорты і слоўка «асянчук», утворанае ад слова «восень». Для рускамоўнага суразмоўцы ў слоўніку безэквівалентнай лексікі Ірыны Шкрабы тлумачыцца яно наступным чынам: «асянчýк, асенчýка, м., абл. Домашнее животное или птица, родившиеся осенью».
Слоўка гэтае спрадвечнае, наша, бо змяшчае аж тры фанетычныя асаблівасці беларускай мовы ў параўнанні з рускай. Сярод іх — знікненне прыстаўнога зычнага [в] перад галосным [а], як у словах «возера — азёры», «вокны — акно»; аканне — пераход націскнога гука [о] не пад націскам у гук [а], як у словах «воз — вазы», «крот — краты»; яканне — вымаўленне гука [а] замест гука [э] ў першым складзе перад націскам, як у словах «сем — сямёрка», «бегчы — бягун» (на пісьме гэты пераход абазначаецца літарай «я» — адсюль і назва).
Надзвычай папулярнае слоўка «асянчук» у асяроддзі вяскоўцаў, якія на восеньскіх кірмашах сярод гародніны і садавіны заўсёды імкнуцца набыць асенчука-кабанчыка, барана, авечку з той мэтай, каб, пратрымаўшы колькі месяцаў, мець на стале свежаніну да зімовых або вясновых святаў. Нярэдка выкарыстоўваецца яно і ў якасці прозвішча. Асенчукоў багата жыве на Беларусі і Украіне. Дастаткова зазірнуць у Інтэрнэт, каб пераканацца ў гэтым.
Па такой жа словаўтваральнай мадэлі (назва пары года + суфікс -чук-) пабудавана і яшчэ адно прыгожае беларускае слоўка, якім называюць хатнюю жывёліну, птушку, народжаную вясной, — весянчук.
Уладзімір КУЛІКОВІЧ