Любіць як родную, вучыць як замежную

Пасадзіць дрэва пасярэдзіне Сахары

Паўднёвая Лівія. А можа, паўночны Чад. Па дарозе, нейкім цудам наезджанай у неабсяжных пясках, аднекуль здалёк прыязджае стомлены грузавік. З кузава выскокваюць нецярплівыя дзеці, у кожнага ў руцэ – саджанец. Пад наглядам настаўнікаў школьнікі выкопваюць ямкі і ўтыркаюць кволыя парасткі, прысыпаюць карэньчыкі, паліваюць з леек. Пасля намеснік дырэктара чытае гарачую, як гэты самы дзень, прамову аб барацьбе з апустыньваннем. Па сканчэнні ўрачыстасці ўсе хаваюцца ў грузавіку, і машына пачынае рух назад, да краю пустэльні, да берага, што ляжыць за тысячу кіламетраў на поўдзень або на поўнач. Такім мне ўяўляецца дзень роднай мовы ў беларускіх школах. Прымаючы гэтую маю метафару, вы мусіце пагадзіцца з яе асновай: з Беларуссю як абсалютнай, неабсяжнай бязмоўнай пустэльняй з аазісамі “Мінсктранса” і сацыяльных рэклам.

Але нават 1/365 года, адведзеная пад дзень роднай мовы, у 2018 годзе ў гімназіях Мінска, калі меркаваць па навінах на іх сайтах, як заўсёды прайшла незаўважна: адна гімназія збірала макулатуру, іншая адзначала юбілей Жуля Верна, яшчэ адна паляпшала здароўе на лыжах. Прынцыпова не заходзіў на сайт чырванакніжнай беларускамоўнай гімназіі – там усё ж такі кожны дзень можна лічыць днём роднай мовы. Але гэта выключэнне Вынятак. Аазіс.

Зрэшты, будзе несправядліва не распавесці, што з  ініцыятывы некаторых настаўнікаў нештачкі ўсё ж ладзіцца. Паэтычныя вечарыны. Чытанні. Спевы. Але аб гэтым лепш за мяне сказаў падручнік 5 класа: “Ёсць птушкі, якія вельмі хутка запамінаюць словы і гукі. Але ні пра якую свядомую размову птушак не можа быць і гаворкі”. Сказаў, як люстра чароўнае з той казкі Пушкіна.

 

Касманаўты вярнуліся на Зямлю. Наколькі новая новая праграма?

Спампаваўшы і разгарнуўшы падручнік “Беларуская мова 5”, я амаль адразу напаткаў у ім тое, што не сумняваўся знайсці.

белмова

Магчыма, хваля раздражнення ад касманаўтаў прабягае толькі ў такіх алергікаў на ўсю савецкую крамніну, як я. Добра. Няхай касманаўты пряцягваюць лётаць па арбіце рамантычным ідэалам. Але што рабіць са сказам: “Брыгада мантажнікаў перавыканала план”? Што павінен рабіць настаўнік: тлумачыць пяцікласнікам сэнс незнаёмых словаў “мантажнікаў” і “перавыканала” і  цьмянае “брыгады, а затым даводзіць сэнс усяго сказа, які адлюстроўвае рэчаіснасць саракагадовай даўніны?

Ёсць у падручніках і сучаснасць. Чамусьці ганебная. Чаго варты прыведзены ў падручніку 8 класа вось такі прыклад афіцыйнага стылю:

белмова 2

У краіне, дзе беларуская мова стаіць першай дзяржаўнай (хай нават па алфавіце!), намеснік міністра па сутнасці “абяцае падумаць”. Няхай на беларускай мове, згодна з апошнімі апытаннямі, ахвотна чытае 3 % насельніцтва.  У Беларусі 3 млн аўтамабіляў.  Гэта значыць, што не менш як 100.000 кіроўцаў з задавальненнем скарысталіся б беларускамоўнай версіяй. Аднак трэба падумаць…

 

Геаграфія Беларусі: па-руску або па-беларуску?

У 2017, пасля дзесяцігадовага перапынку, прыйшоў доўгачаканы дазвол выкладаць на мове геаграфію Беларусі (10 клас) у рускамоўных школах па жаданні настаўніка. Я на той час меў пяцігадовы настаўніцкі досвед беларускамоўнага выкладання, якое ў дачыненні да Беларусі, на мой густ, і больш зручна і прыемна, і правільна, і нават эстэтычна (калі нашыя прашчуры назвалі рэкі менавіта Шчарай і Прыпяццю, то няхай павек цякуць яны па-беларуску!). Але не будзем пра густы. Я цалкам згодзен, што ў школе нічога важней за камфорт дзіцяці няма. Таму я вырашыў параіцца з бацькамі і з гэтай мэтай наведаў бацькоўскія сходы. З прыкладна 30-ці адшуканых мною бацькоў,  дабро на беларускамоўную геаграфію Беларусі далі 4,5 (адзін так і не здолеў вызначыцца). І я следам за імі зноў плыву рускамоўным рэчышчам, бо пры ўсёй бясконцасці аргументаў за выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі на роднай мове, з адным контраргументам немагчыма не пагадзіцца: “Як нашы дзеці будуць адказваць вам прадмет на мове, на якой яны не могуць звязаць двух словаў?” Гэта слушна. І я не жадаю чуць трасянку ля дошкі і чытаць яе ў пісьмовых адказах. І нам, настаўнікам-аматарам беларусчыны, нічога не застаецца, як толькі наракаць (і варта пісаць новае «J’accuse») на саму сістэму навучання мове, якая не дазвяляе атрымаць на выхадзе са школы элементарны гутарковы ўзровень.

 

Апытанне гімназістаў

Ёсць такое назіранне: для большасці людзей, ад якіх чуеш фразу “Я добра валодаю беларускай мовай” (у розных варыяцыях), гэта адзіная фраза, якую яны могуць пісьменна сфармуляваць на мове. Далей ідуць бэканне-мэканне, русізмы, блытанне склонаў –  і ўсё гэта з відочным тытанічным напружваннем памяці. Каб мае словы мелі нейкі падмурак, я вырашыў скласці і правесці апытанку, дзе сабраў абсалютна розныя словы і выразы паўсядзённага ўжытку. Простыя словы. Простыя рэчы. Я вырашыў абысціся без полымя ў печы, без азяродаў, вільчыкаў, намітак, шнуроў і нават без ястраба-цецяроўніка. Для першага блоку быў узяты набор словаў з базавых, стандарных англійскіх топікаў: “Мая сям’я”, “Мая Кватэра”, “Мой сябра”, “Ежа” “Падарожжа”, якія ў беларускай мове маюць адрозныя карані (ці формы) ад рускай. Таксама былі ўзяты месяцы і два мавазнаўчых тэрміны – “подлежащее” і “существительное”.  Патрабавалася перакласці словы з рускай на беларускую, французскую (асноўную ў нашай гімназіі) і англійскую. Для другога блоку былі ўзятыя беларускія словы, якія трэба было перакласці на рускую мову. Не самыя простыя, не завоблачнай складанасці, але з актыўнага слоўніку. Для трэцяга блоку былі адабраны выразы, кожны з якіх меў на мэце праверыць веданне нейкіх асаблівасцяў беларускай мовы (склоны, прыназоўнікі, суфіксы і інш), хоць без лексічнага складніка не абышлося і тут.  Аднак залічваліся толькі цалкам правільныя фармулёўкі (не ўлічваючы арфаграфічных памылак – хай сабе будуць).

Анкеты атрымалі вучні двух лепшых у гімназіі класаў (восьмы і дзясяты), што навучаюцца ў настаўнікаў рознай катэгорыі і ўзросту. У тым, што гэтыя настаўнікі добрасумленна выконваюць праграму, няма ніякага сумневу.  Усяго ў апытанні прынялі ўдзел 34 школьнікі, такім чынам, кожны правільны адказ = 3 %.

Апрацоўка атрыманых адказаў дала наступныя лічбы.

Заданне 1. З усіх прапанаваных словаў болш за палову вучняў здолелі беспамылкова перакласці на беларускую мову словы твар, дыван, кастрычнік, дзейнік і выказнік. Менш за 25 % узгадалі словы страва, вячэра, дзверы, пакой, параіць (даць параду), поўдзень, чэрвень, ліпень. Абсалютныя антылідары – слова шчыры ды лексема “ты маеш рацыю”, якія узгаданалі па адным вучні.  Французскія ж адпаведнікі былі прыведзены большай паловай апытаных для словаў вячэра, дзверы, пакой, поўдзень, падарожжа і для ўсіх месяцаў, у няміласці аказалася парачка дзейнік-назоўнік. Калі адкінуць гэтую падазроную парачку, сярэдні  працэнт слушных беларускіх перакладаў склаў 27,3, французскіх – 47,5. Англійскі пераклад набраў большы % правільных адказаў за беларускі для словаў і выразаў: твар (відаць, дзякуючы спеваку ды фэйсбуку), вячэра, пакой, шчыры, чэрвень, поўдзень, ты маеш рацыю.

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што школьнікі не ведаюць элементарнай беларускай лексікі і знаёмыя з роднымі словамі нашмат горш чым з замежнымі французскімі і не лепш чым з англійскімі, пачутымі з песень ды на моўных курсах. Яшчэ адна выснова: у слоўнікавым запасе вучняў трывалае месца займаюць збольшага тэрміны, якія ніколі і нікому не спатрэбяцца ў стасунках (кшталту дзейніка і выказніка). І назіранне: месяцы, што ідуць цягам вучэбнага году і пішуцца на дошцы вядомыя дзецям ў 4 разы лепш за месяцы летніх вакацый. Растлумачыць такую шырокую вядомасць “дывана” (60 %) у параўнанні з іншымі прадметамі быту складана. Мяркую, што гэта слова нярэдка прыводзіцца ў якасці прыкладу непадобнасці беларускай мовы да рускай, а можа вучняў часта пужаюць дываном у кабінеце дырэктара).

Больш за ўсё дасталося слову “вячэра”. Хоць яго і ўзгадала 24 % апытаных, астатнія вычвараліся, як маглі: былі варыянты “вячэрнік”, “мінак”,” ужын”, нейкія стараславянскія “вечере” і “вечеря”, а некаторыя, відаць, перавучыўшы прыстаўных гукаў, напісалі “вужын”. Што ж. Кемлівасці дзецям хапае ва ўсе часы. Дарэчы, менавіта таму не трэба баяцца гэтай самай ПІЗЫ.

Заданне 2.  Больш за палову вучняў правільна пераклалі толькі качку, хаця бедная птушка пабыла і “чайкой” і “качелями”. Палова справілася з забаронай, ды траціна ўсё ж спакусілася на “защиту» і “охрану”, што пацвярджае ідэю аб аналагава-кантэкставым разуменні дзецьмі беларускай мовы: яны разумеюць словы па аналогіі з рускімі, а ўсё непадобнае перакладаюць па кантэксце. Трэцяя частка вучняў памятае, што дробны – гэта “мелкий”. І вось гэты, у двукоссях, поспех –  апошні.  Усе астатнія 7 словаў пераклалі: каўнер, коўдра – 6 %, ахвяраванне, вакацыі, благі – 3 %. І ніхто не ведаў, не дапяў, не дайшоў да сэнсу словаў дасціпны і мінак. Мінака ўвогуле амаль не перакладалі (падазронае слова нейкае), дасціпны звычайна быў “доступным”. Вакацыі былі пераважна “акациями”, часам “вакансиями”. Але больш за ўсё метамарфізавалася коўдра: яна стала і “обидой”, і “кожурой”, і “лопатой” і “выдрой” і “кудрями”. З прыведзеных лічбаў няцяжка зрабіць выснову, што дзеці амаль не ведаюць звычайных беларускіх словаў, і калі незнаёмыя словы ў кнізе можна зразумець па кантэксце, то ўласнага сказу, а значыць, змястоўнай размовы ці пісьменнага адказу на ўроку, вучань не пабудуе.

Заданне 3. Што тычыцца трэцяга задання, то знакамітую фармулёўку “Мінсктранса” ўзгадала 90 % апытаных, а я зноў нагадаю, што Мінсктранс – адзіны аазіс беларускай мовы ў сталіцы. Некалькі чалавек паважаюць “пэўна-асабовыя сказы” – гэта нешта з падручніка 8 класа і тое што ніколі не спатрэбіцца ў жыцці.

Зраблю лірычнае адступленне. Як настаўнік я ненавіджу фармулёўку “навошта нам гэта ў жыцці” – гэты спажывецка-ўтылітарную мантру, што паўтараюць школьныя разумнікі. Мая нянавісць тычыцца ўсіх прадметаў, але не моваў. Мовы патрэбныя. Гэта аснова. Бо што чалавек без слова? Але аб гэтым лепш за мяне напісаў Рыгор Барадулін. Ды ці адзін ён? Калі ў чалавека выпетрыцца з памяці ўсё, што ён праходзіў па фізіцы-хіміі-біялогіі-матэматыцы – ён застанецца чалавекам; калі па геаграфіі-гісторыі-мастацтву-літаратуры-грамадазнаўству – ён застанецца бескультурным чалавекам. Чалавек, што не мае мовы – не чалавек. Але аб гэтым лепш за мяне напісаў Францішак Багушэвіч.

Яшчэ 24 % здолелі перлакасці “хворы на грып”, відаць, добра працавалі на тэме “прыназоўнікі”. Гэта ўхвальна. Па адным вучні “справіліся” з загадкавай Афрыкай і прыгонам, хоць ў стылістычным плане бездакорнымі яны не былі. Але трэба ж залічыць хоць камусьці. Што тычыцца рахунка ў кавярні, спампаванага дадатку, рэшты ў краме, вынікаў апытання, кахання адно аднаго і рэагавання на абразу – тут назіраліся выключна спробы, але нарматыву выдатніка не выканаў ніхто.  Найлепшыя перлы: “Запрашаць чэк у кафэ” (дазваляю намаляваць карыкатуру) і “прасіць раТунак у кафэ” .

Наглытаўшыя такіх вынікаў, зазірнем у падручнік 8 класа:

белмова 3

Шаноўны падручнік прапануе правесці арфаграфічны аналіз вершалін і ястраба-цецяроўніка (ці шуляка!), слоўнікавы — балацявіны, і лексічны – слова хапатлівы. Я – някепскі знаўца мовы – разумею тры апошніх назоўнікі даволі цьмяна. Што казаць пра школьнікаў, якія не ведаюць элементарных словаў? І хіба не ад простага да складанага мае ісці вывучэнне любой навукі?

 

Як Стывен Хокінг

Як казаў адзін наш выдатны сучасны Паэт, ратаваць мову трэба хаця б дзеля таго, каб не здрадзіць Багдановічу і Караткевічу, каб справа іх жыцця (дадам, і справа жыцця выдатнага Паэта) не парасла быльнягом. Прыгожая і гуманістычная старая беларуская літаратура пакрываецца бібліятэчным пылам, разнастайная і паўнакроўная маладая марнее на паліцах драўляных і электронных.  

А ўрокі беларускай мовы і літаратуры ў сучаснай Беларусі даўно ператварыліся ў здзекі і над мовай, і над літаратурай, і над вучнямі, і над настаўнікамі. Карыстаючыся аналагава-кантэкставым метадам, дзеці могуць зразумець нават даволі складаны тэкст з падручніка, але не могуць пісьменна скласці свой уласны просты сказ! Не могучы знітаваць пары словаў, ўсе сачыненні і пераказы школьнікі пампуюць з інтернету, а настаўнікі правяраюць горы пісьменнай, дарослай і занадта правільнай свядомасці. Навошта такія здзекі? Я цалкам згодны. Абыдземся без здзекаў. Каб спрасціць жыццё вучням, настаўнікам, не ўзгадаваць нелюбові да мовы, і, ў рэшце рэшт, не даць мове загінуць, прапаную тры напрамкі дзеяння, рэалізацыю якіх можна ажыццявіць і ў існуючых школьных умовах:

1.Рэбрэндынг беларускай мовы.

Варта цалкам адмовіцца ад прысталага да мовы эпітэта “матчына”, бо дзеці тонка адчуваюць хлусню. Беларуская мова мусіць называцца толькі “роднай” (бо калі адварочваешся ад роднага – дык гэта сорамна), або “нацыянальнай мовай беларускага народа”.

Іншы складнік рэбрэндынгу (яго абмеркаванне выдзецца даўно і намуляла вуха) – паварот праграмы ад пераважна вясковай тэматыкі да праблем сённяшняга дня, гісторыі, фантастыкі, фэнтэзі; актыўнае ўжыванне наватвораў, што ўвайшлі ў сучасную літаратуру і адыход ад думкі, што калі мова зробіць крок за межы шамякінскай ці мележаўскай лексікі – гэта штучна. А што не штучна? У адным з самых знакамітых апавяданняў Дастаеўскага “Мужик Марей” загалоўны герой, перажываючы відавочнае ўзрушэнне, кажа:Ишь ведь испужался, ай-ай! Полно, родный. Ишь малец, ай!” і яшчэ два тузіны слоў у гэткім стылі. А ў апавяданні тым, кажуць, ледзьве не душа рускага народа! Гэты прыклад дапамагае зразумець, што любая значная мова ствараецца супольнай працай народу і інтэлігенцыі і не стаіць на месцы. Не будзем жа баяцца ўжываць нашыя хмарачосы і насамрэчы, і, хоць беларускае мова удае напаўмёртвай, будзьма параўноўваць беларускую мову са Стывенам Хокінгам (калі ён яшчэ быў на свеце): на першы погляд ён змярцвелы, а насамрэч – жывейшы за многіх.

  1. Насычэнне інтэрнету і праграмаў беларускім кантэнтам.

Тут я задам усяго тры пытанні:

Чаму беларуская версія Вікіпедыі настолькі недасканалая, і што наконт таго, каб установам філалагічнай, гістарычнай, геаграфічнай і інш. вышэйшай адукацыі не заняць сваіх студэнтаў рэдагаваннем самай чытанай і аўтарытэтнай крыніцы інфармацыі ў свеце, замест стварэння нікому не патрэбных курсавых і іншых работ? Я разумею, у вас алергія на Вікіпедыю, дык зрабіце беларускі аналаг.)

Чаму, калі я хачу даведацца месны склон нейкага слова, або як слушна паставіць націск, я вымушаны вышукваць старонкі правілаў, або гартаць спецыялізаваныя слоўнікі? Чаму б не змясціць усю нашу лексіку ў вікіслоўніку?

 Чаму ворд і браузеры падкрэсліваюць маю беларускую мову як памылковую? Чаму я не маю электроннага права на + у карму пісьменнасці? Чаму я мушу палаць ад сораму за няслушнае напісанне якогасці там “якогасьці”?

Інтэрнет і камп’ютар павінны мець грунтоўны, сістэмны, лагічны беларускі змест. Тады моладзь пацягнецца. А цяпер адварочваецца. Бо што сэнсу пісаць на мове, якую ворд падкрэслівае як няслушную?

  1. Глыбокае і карэннае ператварэнне прадметаў на пераходным этапе.

Сучасная праграма па беларускай мове пабудавана так, быццам школьнікі мовай добра валодаюць і размаўляюць на ёй, дык на ўроках настаўніку застаецца раскласці мову па разумовых паліцах. Гэта штодніцкая ўстаноўка. Яна азначае будаўніцтва дома на падмурку, імя якому – пустэча.

І хоць гэта самы спрэчны пункт, тым не менш, выкажу думку: пакуль беларусізацыі не прадбачыцца, то дзеля таго, каб мы не займелі пакалення без мовы даўжынёй у цэлае жыццё, трэба пайсці на радыкальныя меры. Адведзеныя праграмай на мову і літаратуру гадзіны трэба аб’яднаць у адзін прадмет. Як ён будзе называцца, не мае значэння. У вывучэння замежных моваў варта ўзяць практыку вядзення гласарыяў, каб стварыць слоўнікавую базу, умець правільна ставіць націскі. Асноўны час адводзіць пабудове сказаў, ужыванню канчаткаў, прыназоўнікаў, лічэбнікаў. Узгадваць філалагічныя тэмы толькі тады, калі гэта сапраўды неабходна. Усё астатняе паркрэсліць ворд. Максімальна адмовіцца ад такіх тэмаў як пунктуацыя і сінтаксіс. Не марнаваць час на пэўнаасабовыя і безасабовыя сказы: па-першае, у рускай мове дзеці вывучаць амаль тое ж самае, па-другое, няхай гэта вучаць філолагі ў ВНУ. Адводзіць час для прагяду і абмеркавання фільмаў, праслухоўванню песень (фактычна, аўдзіраванне). Дык гэта ж нейкая замежная мова і атрымаецца – скажа мне крытык. На жаль, ужо атрымалася. А раз атрымалася, чаму б не павывучаць як замежную? Горай не будзе. А толькі лепей. Дзеці адчуюць палёгку, вольнасць, раскутасць. І няхай беларускай мове наканавана памерці, яе старасць будзе лагоднай і светлай, як “жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары”.

 

Моцна любіць або шчыра ненавідзець можна толькі тое, з чым блізка знаёмы. Для большасці сённяшніх беларусаў стаўленне да мовы – гэта любоў-пагарда на адлегласці, пачуцці абсалютна дзікія і неабгрунтаваныя, падобныя да выраку іншапланетнікам. У святле такой думкі найважнейшай нашай задачай бачыцца даць дзецям глыбокае веданне беларускай мовы, а яны ўжо самі разбяруцца, дзе яе месца: на шыльдах і ў полі-лесе-хаце, або ў стагоддзі айфонаў і плафонаў.

HVALI.BY